ТОЛЬКІ НЯЗГРАБНЫ МІНАК...(с)

АД-МОВЫ
я
[info]z_dyht
- Ну, трэба так жыць, каб яны, людзі, не адчувалі сябе няёмка, кажучы табе "не" альбо "так". Каб пры гэтым не апускалі вочы дадолу. Каб адчувалі, што, адмаўляючы табе, яны не адмаўляюць цябе. Трэба быць такім, каб ім, людзям, хацелася глядзець табе ў вочы. Каб яны не гублялі сябе, дакранаючыся да твайго пляча ці дакранаючыся да тваіх вуснаў... (каму я мог гэта гаварыць?)

Ці часта вам адмаўляюць? :)


ВЯСНАВАНЬНЕ
Дзьверы
[info]z_dyht
Каб даканаць абсалютна нэндзны тэкст, прымушаў сябе гуляцца словамі "ясны" і "існы". У выніку замест "існаваньне" наклацаў ЯСНАВАНЬНЕ. І адразу стала лёгка дыхаць. Некаторыя словы й сапраўды праясьняюць нашае (і)снаваньне. Ну а "яснаваньне" пацягнула за сабой ВЯСНАВАНЬНЕ, якое ўжо зусім загнала мяне ў катарсыс. Што праўда, ёсьць у ім нешта потна-спаборніцкае. Першая асацыяцыя -- зь веславаньнем. Такім чынам, я ўжо чую голас дыктара, які абвяшчае сярод фрэндаў чэмпіянат па вяснаваньню ў парным разрадзе))).
Хаця ў "тройках" таксама будзе няхіла;).  

САМОТА / АДЗІНОТА
Дзьверы
[info]z_dyht
Адна дужа дапытлівая дзяўчына тыраніць маё шэрае рэчыва пытаньнем: чым адрозьніваецца САМОТА ад АДЗІНОТЫ? Прычым не толькі з лінгвістычнага гледзішча, а найперш - метафізычна.
Як бы вы ёй адказалі?
я адкажу вось так... )


ЛУЖА_СНА
я
[info]z_dyht
Здараецца, уваходзіш у чужую галаву, а да сэрца - не прабіцца...
Уваходзіш у чужое чэрава, а да сэрца - не прабіцца...
Я жыву ў дзіўным месцы з назовам Лужасна.
 І штоноч пакутую на бяссоньне.
Лужа-сна, мне растлумачылі, насамрэч -- "ложесна", то бок тое месца ў жанчыны, дзе зачынаецца жыцьцё, калі мужчына прабіваецца да сэрца... (маціца, матка - рас. http://www.slovopedia.com/22/203/1636743.html
Я тут жыву і мне ня сьпіцца.
Шторанак я нараджаюся нанава і ўздоўж правага берага Дзьвіны цягнуся па плыні  на левы бераг -- на працу.
Пазаўчора мне прысьнілася, што ў мяне ёсьць сын. Сон-аб-сыне. У мяне няма сына...
А ледашы і соплі і праўда растуць долу.
Дабіцца да сэрца і ў ложку сна цяжка... ; )






Ты
тыбет
[info]z_dyht
"Пакуль нада мной неба Ты, вятрыскі прычыннасьці скараюцца ля маіх ног і віхуры лёсу ўтаймоўваюцца.
Я не набываю ніякага аб'ектыўнага досьведу аб чалавеку, якому кажу Ты. Але я знаходжуся ў стасунках зь ім, у сакральным асноўным слове. Толькі пакідаючы яго, я зноў пачынаю атрымліваць досьвед. Досьвед ёсьць аддаленьнем Ты...
Ты сустракае мяне зь міласьці - яго не здабудзеш у пошуку. Але тое, што я кажу яму асноўнае слова, ёсьць дзеяй маёй існасьці, маёй сутнаснай дзеяй.
Усялякае сапраўднае жыцьцё ёсьць сустрэчай" (с)

І хто гэта?


МУЖЧЫНСКІ КАДЫК
я
[info]z_dyht
"Больш за ўсё ў мужчынскім целе мяне прыцягвае... кадык", - кажа мне жанчына, уладальніца даўгіх рук і тонкіх пальцаў (пра ногі - маўчу...). Яна працягвае руку, адважна дакранаецца да майго падгардзёлка падбародзьдзя і вядзе ўніз - да адамавага яблыка. Тут ейны паказьнічак паказальны палец абвяшчае невялічкі антракт... Я асьцярожна зглытваю...
Атрымліваецца, што аб'ектам зайздрасьці і спакусы для жанчын, апроч воргана, які прыносіць у нашае і так шматпакутнае мужчынскае жыцьцё багата клопатаў і турботаў, зьяўляецца яшчэ і кадык. Коўцік. Гарляк. : )
Я зноў нярвова скоўтваю і пытаюся ў народа: ці гэта насамрэч праўда?
Не забывайцеся, што, дзякуючы намаганьням чалавека, які ў свой час найбольш дбаў аб нашых загартаваных гарэліцай кадыках - маю на ўвазе эмэс Гарбачова - першага  лістапада увесь сьвет адзначае міжнародны Дзень мужчынаў. То бок - сапраўдных мужыкоў ;). Гы, чакаем віншаваньняў!)

ЗЫ: Гарлякі ўгору - і наперад!!!





ХАЛЯРОВЫХ СНОЎ, ХЛОПЧА! : )
Дзьверы
[info]z_dyht
Заўтра, абяцаюць мне, мы "пасьвяцім цябе ў свае кавЯрныя пляны..."
І зычуць мне Халяровых сноў!
Усё, кажуць, Бабранач!




АДЛЯГАЮ :)
Дзьверы
[info]z_dyht
Расейскія "расСТОЯнія" і беларускія "адЛЕГласьці".
Беларуская прастора ўЛЯГлася і ЛЯЖыць сабе ("А я лягу-прылягу..."). Супакоеная. У чаканьні, каб хто яе перааДОЛЕў.
Я адЛЯГаю ад Цябе (не "отстою") і ад іншых на колькі там тысячаў кіламэтраў, мэтраў, мілімэтраў, хы-хы. Ляжу. Гарызантальна. Пазыцыя куды больш зручная і ўтульная, чым чакаць СТОЯчы. Я ўстану, паўстану, уздымуся - толькі калі ты пераадолееш гэтую адлегласьць. Ці уздымуся, каб пераадолець самому... :) Я зьліваюся з гарызонтам. Ад мяне адлягаюць дрэвы, слупы, вежы, людзі, сабакі...
Расейская прастора дыбіцца. І - стаіць. Адстаіць. Яе так шмат ва ўсе бакі, што "расстояніе" і "расставаніе" гучаць як сінонімы ("Расстоянія, версты, мілі нас расставілі..."). Пераадолець гэтую стомленую празь вечнае стаяньне прастору - немагчыма нават у марах. 
Я й не мару. Кладуся. Заплюшчваю вочы. Зьліваюся з ландшафтам. Хінуся  да небакраю. І пачынаю адлягаць :)

ЗЫ: укр. відстань; польск. odległość... 


СЛОВА Й ЦЕЛА
я
[info]z_dyht
Вось тут, у ЖД (LJ), маё цела зноў становіцца словам (хай сабе і з маленькай літары)...
Пачынаючы з галавы коньчыкаў пальцаў.
Працэс пайшоў.


ЗЫ: Божа, не крыўдуй на мяне, калі зноў блюзьнеру!  : )


А ХТО ТАМ ІДЗЕ?
Дзьверы
[info]z_dyht
Дык, у рэшце рэшт, дождж  у Сінявокай ІДЗЕ ці ПАДАЕ???

МАЛАКО
тыбет
[info]z_dyht
"Калі гаворыць хто, гавары як словы Божыя..." Гэта зь 1-га Пасланьня Пятра (4.11).
Добрая нагода, каб замкнуць вусны і змоўкнуць.  Бо ў мяне, напрыклад, гаварыць ТАК не атрымоўваецца. Грэшны:)
Сьвет робіцца суцэльнай гаварэльняй. Часам я зайздрошчу нямым. І немаўлятам.
У тым жа тэксьце: "... быццам толькі што народжаныя немаўляты, палюбеце чыстае малако слова" (2.2).
Во як - "Малако слова"...
Да чаго гэта я ўсё? Восень на носе - вось да чаго. Ціхая й негаваркая пара. У ёй добра маўчыцца:). І думаеш: варта зрабіць паўзу, каб падрахаваць і падрэгаваць свой спосаб і тон маўленьня (у тым ліку і тутака). Каб прамоўленыя словы сталі для кагосьці малаком:).
Змаўкаю. А вы?..

МАСТАК
вежа
[info]z_dyht
"Я не художнік, я - мастак", - кажа адзін шмат каму вядомы віцебскі майстар пэндзля. Прычым яго ніяк не западозрыш у нейкай прыхільнасьці да белмовы. Барані Божа!
Дык пытаньне. У чым глыбіннае і прынцыповае адрозьненьне МАСТАКА ад ХУДОЖНІКА?

СУТРА
тыбет
[info]z_dyht
Адзін мой добры знаёмы займаецца каханьнем толькі на апахмелку.
Усё гэта ён зь вялікай доляй іроніі называе КОМА-СУТРА...)

"КАНТЫНЕНТ"
Дзьверы
[info]z_dyht
Ёсьць словы, якія мая памяць блякуе альбо фільтруе. Учора ў чарговы раз мікнуў перад тым, як вымавіць назву гандлёвага дому "Кантынент" у Віцебску. Здавалася б - ну што ў ім? Але не - мыкаю, а потым проста разьясьняю, дзе знаходзіцца гэты ГД.  Добра, што спадарчык [info]gonarev распавёў мне за кавай без цыгарэт, што не ў мяне аднаго такія замінкі з "кантынентам" здараюцца. Можа, для некаторых яно занадта "глябальнае"? Можа, зноў варта зьвярнуцца да свайго псіхатэрапэўта?)

УНІТАЗ
вежа
[info]z_dyht
У мяне ў лазенцы - вялікае вакно! (хоць хтосьці пазайздросьціць?). Ляжыш уначы ў ванне, паліш - ды глядзіш на зоркі ў небе... Поўны адцяг!
А яшчэ, як у кожнага цівілізаванага чалавека, у мяне ёсьць УНІТАЗ.
Белы і бліскучы. Гэх!
Зь яго таксама можна глядзець на зоры. Медытаваць.
І часам мае бяссонныя медытацыі набываюць філялягічны характар. Як учора, напрыклад. Сяджу й думаю: і на чым жа я гэт сяджу? На унітазе? Зусім жа не па-нашанску гучыць.  Я разумею, што ў маіх дзядоў гэткай шыкоўнай прыдатнасьці-выгоды не было - ЯМА, ДЗЮРКА ды ПАД_КУСТ. Але ж мы зь дзядоўскай ямы, дзякуючы цівілізацыі і глябалізацыі, ужо выкараскаліся (што праўда - ня ўсе), а новую прыладу па-свойму так і не назвалі.
Ну што гэта за УНІТАЗ? Што яно кажа беларускаму сэрцу, гэтае слова? Пра адзінства (з лацінскае unitas - адзінства)? Чаго з чым, цікава? Чалавека з зоркамі і космасам ці з разгалінаванай каналізацыйнай сеткай?
Вось французы назвалі КЮВЕТАМ (cuvett) - і нармалёк. Але ж не па-беларуску гэта, каб у кувет збочваць. Дый куветы нашы часта забалочаныя -  непрыемна. 
Можа КОЎШ?  Схаджу -к гэта я на коўшык, перапрашаеце  вы  ў  сваёй  дамы сэрца. Гучыць жа! 
А мо СТОЧНІК? Ну, перакрыць трошкі расейскі "источник" (бел. крыніца). Сточнік радасьці і благадзенствія:)!
І яшчэ ёсць адзін варыянт - ЛАГВО (асацыяцый - безьліч). Гэта медыцынскі тэрмін, які абазначае тую сакральную частку нашага цела, якую ўрачы называюць "тазам".
Можна пагуляцца таксама са словам ГНЯЗДО?...
Як на ваш погляд?

Home