ТОЛЬКІ НЯЗГРАБНЫ МІНАК...(с)

ПРАЧНУЦЦА ЧМЯЛЁМ
я
[info]z_dyht
Начная фотасэсія ўдалася. Божанька так шчоўкаў фотапаратам, што зьвінела ўвушшу. Добра, што на вокнах не было фіранак - цяпер у электронным варыянце бліскавіцы я буду пасьміхацца Яму з канапы, засланай у сіне-жоўтае.
За вокнамі пачынаўся чарговы патоп. У нейкі момант я паспрабаваў уявіць сябе Ноем, але потым перадумаў, бо побач не было жанчыны, а значыцца, ніякай карысьці чалавецтву я б не прынёс...
Калі б я не перадумаў і прачнуўся б сёньня ў каўчэгу старым і падпітым Ноем, дык гэта быў бы канец гісторыі, бо  побач са мной на падушцы сушыў и наладжваў свае крылцы толькі адзін чорны чмель, увесь прасякнуты начной смалой упярэмешку з сонечным мёдам. Таксама без пары.
Я дапамагаю яму ўзляцець у вогкае паветра - ён з удзячнасьцю падгуджвае мне і зьлятае, каб працягнуць сваю чмяліную гісторыю, густую, як бурштынавая смала.
Зранку зусім ня хочацца быць Ноем. Хіба што сьвятым Францішкам. Каб ліставацца з ластаўкамі і чмуціць з чмялямі...

ГЛОГ
тыбет
[info]z_dyht
Віцебск закранула навальніца. Запахла лазьняй. За вакном зачырвоніўся глог...

ПРАЕКТ ГЕРОЯ
Дзьверы
[info]z_dyht
Мой Герой мог бы лёгка працаваць сустрэчнікам. Адкрытая ўсьмешка, упэўненыя рукі, таемнае веданьне, дзе можна перачакаць дождж і папіць гарачай кавы ў чужым правінцыйным горадзе. Ён выклікае давер і не абуджае пачуцьця нязручнасьці, калі за кавай раптам запануе маўчаньне. "Як дабраліся?" - "Дзякуй, нічога..." - "Ваша сястра чакае вас праз гадзіну ў галоўным офісе, а пакуль што кубачак кавы?.." Чыесьці несустрэтыя палюбоўніцы, нечаканыя сваякі, проста прэтэндэнты на шчасьце з чыстага ліста, закінутыя ў ягоны горад па волі лёсу. Чалавеку трэба, каб яго сустракалі. Асабліва, калі ў горадзе, зарослым глогам, пачынаецца восень. Звычайная праца. Сустрэчнік. Вэргілій. Сталкер, які зарабляе праз чалавечы страх перад самотай...

Home