ТОЛЬКІ НЯЗГРАБНЫ МІНАК...(с)

ЛУБІН
Дзьверы
[info]z_dyht
"Тат, а чым смоўж адрозьніваецца ад сьлімака? Калі выняць смаўжа з ракаўкі, дык ён стане сьлімак?"
(Сам сабе: ага, кожны робіцца сьлімаком, калі яго пазбаўляюць хаты...)
Мы крочым, балансуючы, па чыгуначных рэйках (добры сродак засяродзіцца, калі ты губляеш жыцьцёвую раўнавагу, але цяпер рэйкі ператвараюцца ў вясёлы спосаб камунікацыі). Цягнем адзін да аднога рукі й сьмяемся ("Тат, у цябе рукі кароткія...!). Я нешта кажу пра малюскаў. Шпалы-шпалы... Збочваем у сіняе ад лубіна поле. Лес, прыцішаны і вільготны. Зязюля прапануе згуляць у хованкі. Дым ад вогнішча. Смакуем запечаную ў вугольлях бульбу. Ева з галавой хаваецца ў папараці: "Усё ж я знайду яе!" - "Але яна зацьвітае ў поўнач..." - "Хіба мы не дачакаемся?.."
Вяртаемся з цэлым ахапкам лубіна - кветак сінявокіх ваўкоў...
Ева засынае, падклаўшы пад сваю гарачую шчаку маю далонь. Як заўсёды. 
Па нашых рэйках грукоча марудны цеплавоз. Вуська паварочваецца да мяне тварам: "А помніш, тата..." - і ўсьміхаецца ў сваім лубінавым сьне.
Заўтра, калі адвязу дачку да маці, я, адзін, зноў стану на гэтыя рэйкі. Каб не страціць раўнавагі. І не ператварыцца ў сьлімака.
Лубін, дарэчы,  вельмі хутка вяне...




Home