ТОЛЬКІ НЯЗГРАБНЫ МІНАК...(с)

ПРЫТУЛАК МАТЫЛЬКОЎ
я
[info]z_dyht
Лінула нібы зь лейкі. Дождж такі густы, але без нянавісьці. Учорашняя (уначы) навальніца закранула адно крылом. Чытаў Федарэнку. Праз расчыненае вакно панабівалася усякіх вусякаў. Самыя далікатныя - начніцы, розных калібраў і колераў. Там-сям паабселі па сьценах і зьнерухомелі. Вось чаму я зайздрошчу і чаму яны могуць мяне навучыць! Нерухомасьці складзеных крылцаў. Проста замерці ў неспрыяльныя часіны, калі ўжо памерці нам (па-чалавечы так) даецца толькі адзін раз. Але... выпраўляюся на працу. Марная марнасьць. А федарэнкаўскія "Нічые" падаліся незавершанымі. Уражаньне неразьвязанасьці. Разгон даў добры, і хацелася бегчы, а бегчы няма куды...

СЭКС-ТЭКСТ
тыбет
[info]z_dyht
Суцешыць мяне могуць толькі сэкс ды тэкст, бо, у прынцыпе, чыняцца яны па адным і тым жа законе. У добра зладжаны тэкст уваходзіш як у жанчыну. І наадварот, кожная жанчына - зьмяя тэкст. Часьцей - бессюжэтная плынь сьвядомасьці. Але ня ў тым справа. У працэсе ён парадкуецца, наладжваецца. І крытэр якасьці для мяне - і для таго і для другога - глыбіня. Пішу, блін, з цалкам сур'ёзным выглядам. Але зараз разрагачуся. Прыдурак, які завалены адно кнігамі... )))

ПАНАВЫДУМЛЯЛІ
Дзьверы
[info]z_dyht
Чытаў паралельна "Сароку..." Бахарэвіча (па вечарох) і раман гішпанца Віла-Матаса "Такое во дзіўнае жыцьцё" (у маршрутках і чэргах). Паралельна. Але адзін адному аўтары часам падміргвалі, быццам выпадкова апынуўшыся на адным сядзеньні ў пьяным тралейбусе маёй галавы.
НАПРЫКЛАД... )

ПАДАРУНАК-МЕТАФАРА
Дзьверы
[info]z_dyht
Некаторым людзям я дару сьвежа недачытаныя кнігі. Бо простым чынам абцяжарыць іх сюжэтам свайго жыцьця і ўвайсьці ў іхны сюжэт  я ня маю права. А права дайсьці да кропкі і да разьвязкі - вялікае права. Гэтым людзям я давяраю :)
Вось і ўчора зрабіў гэтак. Кніга каталёнца Хуана Марсэ "Чары Шанхая" найхутчэй ня будзе мець хэпі-энду. Але... я ня ведаю...

ДАРОГА
Дзьверы
[info]z_dyht
Прачытаў постапакаліптычны раман амерыканца Кормака МакКарці "Дарога" ("The Road"), за які аўтар атрымаў у 2007 годзе Пулітцэра. Бацька і сын ідуць па попелу зьнішчанай цывілізацыі да акіяну. Сюжэт як дарога. Але справа ня ў ім... Калі ўчора засынаў, дык злавіўся на тым, што думаю сінтаксічнымі канструкцыямі галоўнага героя. Жорсткі раман, але не без надзеі. Яго, дарэчы, адразу ж экранізавалі (рэжысёр Джон Хілкоўт). Сусьветная прэм'ера, калі верыць "кінопоіску", яшчэ не адбылася. Варта паглядзець ды пачытаць. Я чытаў у паперы (ІЛ, №12, 2008), электронных варыянтаў не шукаў, але во тут недзе палова кнігі:
http://magazines.russ.ru/inostran/2008/12/mak1.html


фотку з  http://www.kinopoisk.ru/

НОС ХРЫСТА
тыбет
[info]z_dyht
У Хрыста быў нос даўжынёй 8 сантыметрыў і кроў групы IV (AB) - самая рэдкая група крыві (яе маюць толькі 2% людзей на планеце). Да таго ж гэта адзіная група, па якой можна вызначыць групы і айца, і маці - у маці мае быць ІІ (А), у айца ІІІ (В) ці наадварот. Навука робіць выклік Царкве, бо гэта азначае, што Марыя...
Прынамсі, гэткія "парамэтры" былі выяўлены падчас даследвання аднаго з так званых пакутніцкіх покрываў Хрыста - сударыюму з Аўеда. На двух іншых - Турынскай плашчаніцы і Аржанцёйскім хітоне група крыві і адбіткі супадаюць. Знойдзена таксама пыльца, характэрная для прадмесцяў Ерусаліма. Навука даказала, што гэта не сімулякры...
Усё гэта пераказ некаторых фактаў, пададзеных у кнізе Дзідзьё ван Кавелера "Кланаваць Хрыста?", якую ён напісаў тры гады таму, грунтуючыся на дакументальных сведчаньнях і фактах.
Уласна маёй веры не патрэбныя доказы існаваньня Бога і аўтэнтычнасці Турынскай плашчаніцы, але, калі чытаю Кавелера, адчуваю, як лупасіць сэрца...
"Чым бы была мая вера, калі б з гэтага моманту сам розум змушаў бы мяне верыць?" - гэта ўжо пытаньне аўтара.
Не ўтрымаюся, каб не прывесьці яшчэ адну цытату: "У маёй веры... няма нічога артадаксальнага: яна ўся складаецца з радасьці жыцьця, крытычнага духу, усёмагутнай дзіцячай свабоды, узгадаць пра якую змушае нас сам Ісус Хрыстос, і, вышэй за ўсё, з пачуцьця суперажываньня, інстынктыўнай упэўненасьці ва ўсеагульнае адзінства - кошак, дрэваў, словаў, Зямлі... Назавём такое пачуцьцё любоўю, не баючыся кпінаў. Што ёсьць любоўю? Пачуцьцё адзінства, якое ад удараў толькі мацнее... "
Кавелер задае дзёрзкія пытаньні і спрабуе даць на іх адказ. Адно зь іх - чаму афіцыйны Ватыкан з такой неахвотай прызнае праўдзівасьць пакутніцкіх покрываў? Другое пытаньне ўжо зададзена ў назве кнігі. "Калі Ісус і запрашае нас кланаваць Яго, дык гаворка толькі аб духоўным кланаваньні..." Гэта пазыцыя аўтара.
За апошні час - ці не самая захапляльная кніжэнцыя (ІЛ, №10, 2007), якую браў у рукі. Прынамсі, з non-fiction.
Тут толькі пачатак http://magazines.russ.ru/inostran/2007/10/ko5.html
ЗЫ: Кнігу шчэ не дачытаў, засталося старонак дваццаць. А нос у мяне на паўтары сантыметры карацейшы:)

ДЗЕЯСнОЎ
вежа
[info]z_dyht
Літаратура - чытанка - чытво, *чытло* - чыталава. Такая ярархія. Апошняе распазнаецца нават па паху. Смуроду.
Перад сном гартаў "Дзеяслоў". Рублеўская загулялася з часам і Альбарутэніяй - *Забіць нягодніка*. Так і не забіла.
Спаў добра. Дзеяслоў - ДзеясНоў...
ЗЫ: Апошнім часам раздражняюць устаўныя гістоыі:(

Home