ТОЛЬКІ НЯЗГРАБНЫ МІНАК...(с)

НА "КАМЧАТЦЫ"
Дзьверы
[info]z_dyht
Мая малая ў 1"Б" - 17 дзяўчынак на 7 хлапчукоў. Паглядзеў: адна з самых даўгалыгіх. Таму патрапіла на апошнюю парту. Ня ведаю, ці добра гэта. Ужо на другі дзень атрымала заўвагу ад настаўніцы. "Я пасьля цэлы урок сядзела склаўшы рукі, каб Эмілія Віктараўна заразумела, што я ўжо выправілася" - тлумачыць мне. А ў мяне нейкі страх. Не хачу, каб школа зрабіла з маёй любімай і жывой гарэзы паслухмяную зомбі. На наступны дзень настаўніца: "Ну, Ева, не зусім такая, як у першы дзень. Аказалася - з запалам..." "Гэта добра," - адказаў як мага цьвёрда.
А вы сядзелі калі-небудзь на камчатцы? І калі так - чым займаліся на нялюбых уроках? :)

БЫВАЙ, ДЗЕТСАД!
я
[info]z_dyht
Мая каралева была крыху сумнай на выпускным у садку. Наперадзе школа. І гэта будзе далёка ня школа чараўнікоў імя Гары Потэра... 

яшчэ тры невялікія фоты :) )

СНЫ БОГА
Дзьверы
[info]z_dyht
Ева перад сном: "Тат, а Бог калі-небудзь сьпіць?" Я зрабіў паўзу, ня ведаючы як адказаць, а яна: "Божанька, дабранач Табе! І табе, тат.." І - засапла :)

ЖЫЦЬЦЁ НАЛАДЖВАЕЦЦА :)
я
[info]z_dyht
Радасьць. У мяне сёньня ночыць дачка! Тэрмінова скавышую і драю сваё воўчае логавішча :)
Мая балбатушка зробіць мне сёньня сьвята! :)
...А пах адзіноты невынішчальны.

ЦЕМРЫ - КАБЗДЫ!
я
[info]z_dyht
Мне падарылі сэрца. Гэта для мяне сама каштоўны калядны дарунак.
Малая намалявала. Ружовае. Зь сінімі рысачкамі. Зьлева подпіс: "Ева". А ў цэнтры - дом!!! З чырвоным дахам і маленькім вакенцам зь зялёнымі фіранкамі.
І гэта найгалоўнешы мой Дом. Як бы іншага і не было ніколі. Мусі, і не будзе.
І цяперака мне ўтульна. І цёпла.
Хацелі павесіць сэрца на ялінку, якую сёньня ўсталявалі, упрыгожыўшы цукеркамі. Але я вырашыў забраць сэрцайка з сабой. Мне гэта вельмі зараз патрэбна. Прапанаваў павесіць на ёлку акуляры замест сэрца. Ідэя спадабалася. У нас відушчая ялінка!
Потым я вылучыў сьвятло і неўпрыцям паклаў пад ялінку свой падарунак для Евы. Бо сёньня ў Евуські імяніны!!!
Ну вось.
Заўтра зранку я апрану белую кашулю. Цемры - кабзды!!!)


ЕВА І МАКАРОНА
Дзьверы
[info]z_dyht
Мая дачка любіць макарону больш за цукеркі. Але толькі калі з кэтчупам. А калі безь яго - гэта проста падстава памроіць з адкрытым ротам. На месцы нябачнага назіральніка насупраць - я, са сьвежанькім нумарам гэрбэртаўскага "Arche" і думкай аб тым, што падчышчаць талерку ўсё адно прыдзецца мне. А я ж макарону ня вельмі "шаную". Я люблю бульбу:)

ЕВА ПРА СЬНЕГ І МУЖЧЫН
Дзьверы
[info]z_dyht
"А дзеці выбеглі з садку пасьля абеду і накінуліся на сьнег як галодныя..."
"Ну, канешне, тата, я ў тваім узросьце таксама сьнег любіць ня буду..."
"Божанька, зрабі так, каб усе родныя людзі былі б заўтра шчасьлівыя, і незнаёмыя людзі таксама, і яшчэ - каб заўтра было шмат сьнегу за вакном... " (зь перадсоннай малітвы)
"Тата, а ведаеш, я думаю, што мужчыны прыгажэйшыя за жанчын..." (пасьля мультпрагляду)



ЦІХІ ЧАС
тыбет
[info]z_dyht
Ці заходзілі вы калі-небудзь у дзіцячы садок падчас "ціхага часу"? Ніякая цішыня, ніякі рай з гэтым не зраўнаюцца! Ты хочаш перакрочыць цераз парог, але ўвадначасьсе да цябе падлятае сінявокі ўсьмешлівы анёл і распасьцірае крылы - стоп! Куды, прэш, дзядзюк? Табе забаронена. Ты зь іншага сьвету. Ты зь цемры. З жыцьця. А тут паветра прамянее ад лунаньня анёлаў. А тут 20 носікаў сапуць так, што ты апускаесься на зэдлік ля ўваходу і адчуваеш, што (ці не першы раз у жыцьці) тваё сэрца робіць занадта даўгую паўзу...
Во куды трэба прыводзіць будучых абаронцаў Айчыны! Бо, каб абараніць гэта, ня грэх ухапіцца і за калаш...
Во куды трэба весьці "змагароў" за правы жанчынаў на аборт...
будучых музыкантаў, мастакоў, педагогаў і прэзыдэнтаў.
Хай ба пасядзелі на тым зэдліку.




ГАРОХ У ШАКАЛЯДЗЕ : )
Дзьверы
[info]z_dyht
Частую Еву па дарозе на музыку арахісам у шакалядзе.
Ева: "Тат, тут жа не адзін шакаляд, тут арахіс усярэдзіне,  а арахіс я магу есьці, толькі калі ён у шакалядзе..."
Тата (летуценна): "Так, Вуся, калі ўсё пакрыць шакалядам - усё стане смакоцьцем".
Ева (пасля нядоўгай паўзы, з чыстай іроніяй): "Не, тата, ня ўсё, гарохавы суп - не стане! "
Тата (шчыра зьдзіўлены): "Чаму гэт'?"
Евуся: "Гарох у шакалядзе - можа, і нічога сабе, але вараная цыбуля ў супе - брррр!"
Зьвяртаюся ў сувязі з гэтым да ўсіх жанчын, маці, няняў і супрацоўніц дзіцячых садкоў. Даражэнькія, мы вас вельмі просім, ды не кладзіце вы цыбулю ў гарохавы суп! А таксама ў фасолевы, баршчы, капусту і ўвогуле - ва ўсе супы сьвету! А то мы й так як трэсачкі : )
І наогул - пакрыць усё шакалядам!!! )))


БУСЕЛ І ЖАНЧЫНЫ :)
Дзьверы
[info]z_dyht
Евуська па дарозе "на акрабатыку": "Тата, а ў цябе жыве дома бусел?" - "Не, - кажу, - ты ж ведаеш. Чаму пытаешся?" - "Ну проста так - каб пасьмяцца..." Пасьмяяліся :)
А я падумаў: кожная жанчына, рана ці позна, выяўляе сябе заўзятым арнітолагам, прынамсі ў дачыненьні да чаплепадобных з даўгой чырвонай дзюбай:). І ці ж гэта не натуральна - спытаць у мужчыны, а ці жыве ў ягоным доме бацян? :)))
Гэх, бацяны! Пэўна, ужо зьляцелі з Сінявокай?..
Так іх во ў нас называюць:
http://www.slounik.org/160240.html

ЗЫ: на фотцы бусел з-пад Відзаў-Лаўчынскіх (Браслаўшчына)


БЕЛМОЎНЫЯ БАЦЬКІ, ЯДНАЕМСЯ
тыбет
[info]z_dyht
Сябры, можа хто падзеліцца досьведам стварэньня нефармальных сямейных беларускамоўных суполак? У Віцебску няма аніводнага беларускамоўнага садку. Белмоўных (непалітычных) асяродкаў я таксама ня ведаю. Кожны варыцца ў сваім чыгунку. А дзеці растуць. Мая 5-гадовая Ева ўжо ня верыць у тое, што, акрамя як ў касьцёле і таты,  на беларускай мове размаўляе яшчэ хто-небудзь . Сытуацыя ўскладняецца й тым, што мы з дачкой жывем раздзельна і бачымся толькі два-тры разы на тыдзень. Мала. Цяжка з гэтага і балюча.
Адгукніцеся, беларускамоўныя таты і мамы! Ці нават не толькі беларускамоўныя, а тыя бацькі, хто разумее, што іхныя дзеткі, калі справу гэтую цалкам аддаць у  плыню  існай сістэмы адукацыі, могуць вырасьці без каранёў і без любові да зямлі, на якой нарадзіліся. Проста зносіны за гарбатай, казачныя чытаньні, сумесныя паходы на мульцікі ці ў лялечны тэатар, супольныя паездкі ў гістарычныя месцы па выходных і г.д. - можна шмат чаго прыдумаць. Давайце паспрабуем разам!) Прынамсі два самотных нядзельных і белмоўных таты ў Віцебску ўжо ёсьць, далучайцеся:) Калі хто мае досьвед стварэньня такіх сямейных гуртовак у сваім горадзе - падзяліцеся, калі ласка. дзякуй:)





ЕВА
вежа
[info]z_dyht
Заўтра раніцой еду на Браслаўшчыну за дачкой. Апошняе, што яна мне паведаміла па тэлефоне, гэта: "Тат, мне здаецца, я падабаюся мужчынам... Мяне нават  Вася пацалаваў, а яшчэ Коля і Саша,
бабулю я слухаюся, не перажывай...".

                                                                                                                                  
Евусьцы 5 з паловай.
Чаму мы ня ўмеем кахаць жанчын так, як сваіх дачок???

Home