
Ледзь не скандалам скончылася адкрыцьцё выставы жывапісу віцебскага мастака Мікалая Дундзіна ў абласной бібліятэцы імя, выбачайце, Ул. Леніна. Дундзін выставіў 10 працаў, аб'яднаных жаноцкай тэматыкай. Заплянаваная плыня камплімэнтаў і дыфірамбаў ад сяброў і калегаў на адрас аўтара была перарваныя грознай прамовай найстарэйшага віцебскага акварэліста Фэлікса Гумена, пад кіраўніцтвам якога Дундзін ў бытнасьць сваю студэнтам "худграфу" абараняў дыплёмную працу "Знакі задыяка" (зробленую пад уплывам Чурлёніса). Гумен абвінаваціў Дундзіна, як мінімум, у пераймальніцтве.
Вось жа, Гумен: "
Тут во Дасужаў казаў пра адметны почырк у працах Дундзіна. Дый знаку тут няма свайго почырку. Вось пеўнік Шагала зьлізаны чыста, вось у "Выкраданьні Пасэйдона" ці чорт там каго ведае - слямзена ў Цалкова, а што тычыцца любві да жанчыны... дык гэта называецца любоў да жанчыны? Трупы паўзьгнілыя, агідна... А там нейкі накачаны пупсік зялёны называецца "Марыя". Гэта сьвятое імя, замахвацца на сьвятое – гідка... Што тычыцца найлепшай працы, дык гэта тая, першая (фота Дундзіна). Чалавек сябе любіць, але трэба любіць і мастацтва і слухаць нашага вялікага настаўніка – Бога і Прыроду, а не лямзіць - адгэтуль кусок, адтуль кусок. Я гэта казаў увесь час сваім студэнтам, і вось... Вось гэта манія нашых худграфаўцаў увесь час ісьці на паваду кагосьці. У нас адзін настаўнік – Бог і Прырода. Астатняе – ад нячысьціка. Мы любім пачасаць языком, а шчырай размовы ніколі няма, толькі па завугольлях. А шчыра ў вочы – няма... Я ня вораг Дундзіна, а ягоны сябар, і я яго люблю як сябар. І таму кажу: яшчэ ня позна вярнуцца на правільны шлях..."
Хліпкія аплядысмэнты...
Во якія мастацкія жарсьці ў нас у Віцебску закіпелі! І гэта файна. Хвала табе, Гумен, бо ў чымсьці маеш рацыю. Даўно настаў час для дыскусыі, бо дыфірамбаў усе аб'еліся. Народ развучыўся выказваць у вочы тое, што думае. Народ забыўся на сваё права памыляцца ў сваіх меркаваньнях і ацэнках. Патрэбна трасеньне і скандал, каб хоць крыху што ажывілася.
Дундзін, дарэчы, вытрымаў крытыку мужна. А потым сказаў: "
Крытыка – патрэбна... Калі ўсе хваляць, то выглядае гэта па-ідыёцку і бязглузда. Гэта жыцьцё. Мастак – барацьбіт, ён заўжды стаіць у стойцы, каб абараніць сваю пазыцыю".
Але ж нічога больш-менш пераканаўчага ў адказ на крытыку Гумена не прагучала...
Artificem commendat opus - Твор хваліць майстра. Так што глядзіце самі і вырашайце, ці мае рацыю Гумен.) Дзякуй.