ТОЛЬКІ НЯЗГРАБНЫ МІНАК...(с)

ПРЫТУЛАК МАТЫЛЬКОЎ
я
[info]z_dyht
Лінула нібы зь лейкі. Дождж такі густы, але без нянавісьці. Учорашняя (уначы) навальніца закранула адно крылом. Чытаў Федарэнку. Праз расчыненае вакно панабівалася усякіх вусякаў. Самыя далікатныя - начніцы, розных калібраў і колераў. Там-сям паабселі па сьценах і зьнерухомелі. Вось чаму я зайздрошчу і чаму яны могуць мяне навучыць! Нерухомасьці складзеных крылцаў. Проста замерці ў неспрыяльныя часіны, калі ўжо памерці нам (па-чалавечы так) даецца толькі адзін раз. Але... выпраўляюся на працу. Марная марнасьць. А федарэнкаўскія "Нічые" падаліся незавершанымі. Уражаньне неразьвязанасьці. Разгон даў добры, і хацелася бегчы, а бегчы няма куды...

ЛУБІН
Дзьверы
[info]z_dyht
"Тат, а чым смоўж адрозьніваецца ад сьлімака? Калі выняць смаўжа з ракаўкі, дык ён стане сьлімак?"
(Сам сабе: ага, кожны робіцца сьлімаком, калі яго пазбаўляюць хаты...)
Мы крочым, балансуючы, па чыгуначных рэйках (добры сродак засяродзіцца, калі ты губляеш жыцьцёвую раўнавагу, але цяпер рэйкі ператвараюцца ў вясёлы спосаб камунікацыі). Цягнем адзін да аднога рукі й сьмяемся ("Тат, у цябе рукі кароткія...!). Я нешта кажу пра малюскаў. Шпалы-шпалы... Збочваем у сіняе ад лубіна поле. Лес, прыцішаны і вільготны. Зязюля прапануе згуляць у хованкі. Дым ад вогнішча. Смакуем запечаную ў вугольлях бульбу. Ева з галавой хаваецца ў папараці: "Усё ж я знайду яе!" - "Але яна зацьвітае ў поўнач..." - "Хіба мы не дачакаемся?.."
Вяртаемся з цэлым ахапкам лубіна - кветак сінявокіх ваўкоў...
Ева засынае, падклаўшы пад сваю гарачую шчаку маю далонь. Як заўсёды. 
Па нашых рэйках грукоча марудны цеплавоз. Вуська паварочваецца да мяне тварам: "А помніш, тата..." - і ўсьміхаецца ў сваім лубінавым сьне.
Заўтра, калі адвязу дачку да маці, я, адзін, зноў стану на гэтыя рэйкі. Каб не страціць раўнавагі. І не ператварыцца ў сьлімака.
Лубін, дарэчы,  вельмі хутка вяне...




ЛЯПІСЫ
Дзьверы
[info]z_dyht
Мяне ніяк не назавеш фанатам Міхалка і ўсяго ягонага "касьмічнага цырку аўтсайдэраў". Але вось вяртаюся пасьля віцебскага канцэрту дадому ў гуморы і з касьмічнай усьмешкай на вуснах. Ляпісы сабралі каля 5 тысячаў у Летнім амфітэатры. Уражаньні прыемныя. Гарачы сьцёб і зьедлівая іронія, якіх апошнім часам не хапала. Міхалок пацяжэў у сваім "Маніфэсьце". Яшчэ раз паўтаруся: я пасьміхаюся. "Маладосьць і радасьць - галоўны партызан..."
Вяртаюся пешшу і вушам сваім ня веру - конікі сакочуць... Ці гэта ў мяне проста ў галаве зьвьніць пасьля Трубяцкоя? Прыслухаўся - і праўда стрыгуньчыкі шчыруюць. Пацяплела. І на сэрцы таксама)
Як вам канцэрт?





МАТЫЛЁК
тыбет
[info]z_dyht
Мяне любяць усякія вусякі. А я, у сваю чаргу, - іх.
Уначы вакол мяне танчаць начніцы. Іх так многа ў пакойчыку, што аж у вачох рабаціць. Але працаваць яны не замінаюць. Наадварот.  І пляваць я хацеў на ўсялякія тэорыі хаосу.
Часьцей за ўсё яны сядаюць на мае пабітыя рукі. На прыдалоньні са шнарамі ад кайданак. Бывае, што адразу некалькі знаходзяць цёпленькае месцайка на  плячох, там і засынаюць. Некаторыя дасьледуюць клавіятуру майго кампа - душы з крыльцамі...
Кажуць, што гэта ня  вельмі добра, калі да цябе ў госьці залятае мятлік...
Учора, калі яны ператваралі маё жытло  ў  суцэльнае  мільгаценьне,  пагасьлі дзьве лямпачкі над жырандоляй - ня вытрымалі, перагарэлі. Начніцы былі вельмі зьбянтэжаныя. Іхнае матляньне чулася потым і праз мой сон.
Толькі адна не мітусілася. Прызямлілася мне на грудзі і заснула ля самага сэрца. Прыйшлося перанесьці на падваконьне.
                                Вось яна:

Колькі разоў абяцаў сабе заняцца энтамалёгіяй, так нічога з гэтага й ня выйшла. Хоць Набокава люблю... Можа, хто падкажа, што гэта за мятлушка са мной заначавала?


Home