ТОЛЬКІ НЯЗГРАБНЫ МІНАК...(с)

Previous Entry Add to Memories Tell a Friend Next Entry
ЛУБІН
Дзьверы
[info]z_dyht
"Тат, а чым смоўж адрозьніваецца ад сьлімака? Калі выняць смаўжа з ракаўкі, дык ён стане сьлімак?"
(Сам сабе: ага, кожны робіцца сьлімаком, калі яго пазбаўляюць хаты...)
Мы крочым, балансуючы, па чыгуначных рэйках (добры сродак засяродзіцца, калі ты губляеш жыцьцёвую раўнавагу, але цяпер рэйкі ператвараюцца ў вясёлы спосаб камунікацыі). Цягнем адзін да аднога рукі й сьмяемся ("Тат, у цябе рукі кароткія...!). Я нешта кажу пра малюскаў. Шпалы-шпалы... Збочваем у сіняе ад лубіна поле. Лес, прыцішаны і вільготны. Зязюля прапануе згуляць у хованкі. Дым ад вогнішча. Смакуем запечаную ў вугольлях бульбу. Ева з галавой хаваецца ў папараці: "Усё ж я знайду яе!" - "Але яна зацьвітае ў поўнач..." - "Хіба мы не дачакаемся?.."
Вяртаемся з цэлым ахапкам лубіна - кветак сінявокіх ваўкоў...
Ева засынае, падклаўшы пад сваю гарачую шчаку маю далонь. Як заўсёды. 
Па нашых рэйках грукоча марудны цеплавоз. Вуська паварочваецца да мяне тварам: "А помніш, тата..." - і ўсьміхаецца ў сваім лубінавым сьне.
Заўтра, калі адвязу дачку да маці, я, адзін, зноў стану на гэтыя рэйкі. Каб не страціць раўнавагі. І не ператварыцца ў сьлімака.
Лубін, дарэчы,  вельмі хутка вяне...




Як прыгожа напісана. І боль, і шчасце.
...

шчасьце, завостранае болем... :) дзякуй

нейкае магічнае спалучэньне: лубін і сьлімакі

ага, нагода для медытацыі :)

Слухайце, гэта неяк...
*у задуменні*
Хутка маё "Улюбёнае" ператворыцца ва "Ўлюбёнае з z_dyht"

... і тады ваш муж выкліча мяне на двубой, і я нарэшце зноў скарыстаюся гарачым імпэтам свайго АКС ))) ой не рызыкуйце)))

як добра і душэўна напісаў...

а лубін ужо завяў...

так...яны вельмі хутка...

неяк дужа чароўна закранула... :)

цягніком быць прасьцей, чым чалавекам... дзяк

якое фантастычнае супадзеньне! Заўсёды чэрвень для мяне тут -- лубін і сьлімакі на рэйках (малая чыгунка паміж Харкаўскай і Валаха)І вось ужо тыдзень як зразумела, што не пабачыла ў гэтым месяцы ані лубіна, ані сьлімакоў (: Хіба цяпер праз вас. Ну вы даеце!! Дзякуй

Ну дык едзьце ў госьці - у мяне і таго і таго - па горла:) Усе вашыя сьлімакі перапаўзлі да мяне:))

Харкаўская? Я жыў калісьці на Розачцы, потым на Карлачцы, гэта ж недзе побач?..

так, побач. Былы нямецкі квартальчык. Волаха здаецца называлася раней Лютэранскай ) А чыгунка там не для пасажырскіх цягнікоў, а для нейкіх маленькіх, што возяць цэглу (?) і страшэнна тужліва гудуць па начох. (нават ведаю расклад :)) А ў госьці :) ужо не пасьпею. Лубін пэўна ацьвіў, ці пасьля цяперашняга даджду асыпіцца дарэшты.

Так, лубін асыпаецца. У мяне, дарэчы, таксама не пасажырская чыгунка :)


Home