Лінула нібы зь лейкі. Дождж такі густы, але без нянавісьці. Учорашняя (уначы) навальніца закранула адно крылом. Чытаў Федарэнку. Праз расчыненае вакно панабівалася усякіх вусякаў. Самыя далікатныя - начніцы, розных калібраў і колераў. Там-сям паабселі па сьценах і зьнерухомелі. Вось чаму я зайздрошчу і чаму яны могуць мяне навучыць! Нерухомасьці складзеных крылцаў. Проста замерці ў неспрыяльныя часіны, калі ўжо памерці нам (па-чалавечы так) даецца толькі адзін раз. Але... выпраўляюся на працу. Марная марнасьць. А федарэнкаўскія "Нічые" падаліся незавершанымі. Уражаньне неразьвязанасьці. Разгон даў добры, і хацелася бегчы, а бегчы няма куды...
